САМАПРЫСТАСАВА́ЛЬНЫ РО́БАТ,
адаптыўны робат, від робатаў, здольных актыўна і мэтанакіравана ўзаемадзейнічаць са знешнім асяроддзем у розных абставінах. Маюць тэхн. сродкі рэагавання на фактары неакрэсленасці абставін, якія дазваляюць прыстасоўваць да іх свае дзеянні пры выкананні пэўнай работы.
Сістэма кіравання С.р. мае дадатковы контур сігналаў інфармацыі з датчыкамі, адчувальнымі да ўласцівасцей знешняга асяроддзя, якія змяняюцца ў працэсе работы ці папярэдне не зададзены. Сігналы ад датчыкаў паступаюць у сістэму кіравання робата для аўтам. змен праграмы яго дзеянняў. Магчымасць аператыўнай пераналадкі кіравальных праграм дазваляе С.р. вырашаць большасць задач, недасягальных жорсткапраграмаваным робатам. Напр., калі прамысловы робат павінен узяць дэталь, якая ляжыць не ў зададзеным месцы, ён удакладняе сапраўднае яе месцазнаходжанне і вызначае свае дзеянні, а пры жорсткай праграме дзеянняў робат не зможа яе ўзяць. Большасць распрацовак С.р., у т. л. прамысловых, вядзецца з н.-д. мэтамі.
А.В.Самойленка.
т. 14, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)